Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Са Швэцыі дэпартуюць чарговых беларусаў — СМІ


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Беларуску Міру (прозьвішча не называецца), якая пражывае ў швэдзкім Сундсвале, а таксама яе сям’ю дэпартуюць з краіны ў сувязі з тым, што яны «позна падалі заявы на атрыманьне віду на жыхарства для дзяцей», паведаміла 25 ліпеня швэдзкае Sveriges Radio.

Адзначаецца, што бацькам быў выдадзены від на жыхарства па так званай «праграме зьмены месца жыхарства» — магчымасьці застацца, калі ў заяўніка ёсьць праца. Аднак, паводле сьцьвярджэньня сям’і, ім памылкова паведамілі, што новыя заявы для дзяцей не патрабуюцца, піша інфармацыйнае агенства «Позірк».

Беларусь у публікацыі апісваецца як краіна з адвольнымі арыштамі, аднак міграцыйная служба Швэцыі праводзіць індывідуальныя ацэнкі і прыходзіць да высновы, што краіна не ўяўляе рызыкі для ўсіх жыхароў, адзначаецца ў рэпартажы.

Лідэрка беларускіх дэмакратычных сілаў Сьвятлана Ціханоўская 16 чэрвеня ў Стакгольме на сустрэчы з членамі групы «За дэмакратычную Беларусь» у швэдзкім парлямэнце заклікала дэпутатаў да пашырэньня падтрымкі беларусаў, якія пражываюць у Швэцыі: «Мы па-ранейшаму сутыкаемся з мноствам праблем з дакумэнтамі. Ваша дапамога будзе мець вырашальнае значэньне, і калі мы вырашым гэтую праблему тут, гэта будзе мець вялікае значэньне для іншых краін».

Пытаньні легалізацыі беларусаў у Швэцыі былі закрануты на сустрэчы Ціханоўскай з прэм’ер-міністрам Ульфам Крыстэрсанам і міністаркай па справах ЭЗ офіса прэм’ера Есікай Русенкранц 17 чэрвеня.

13 лістапада мінулага года народная амбасада Беларусі ў Швэцыі (прадстаўніцтва дэмакратычных сілаў) паведаміла пра першы вядомы выпадак выдачы беларускаму грамадзяніну пашпарта іншаземца ў Швэцыі.

У паведамленьні гаварылася, што «у сакавіку 2024 года міграцыйнае ведамства Швэцыі абвясьціла, што беларусам і беларускам, якія афіцыйна пражываюць у Швэцыі і баяцца за сваю бясьпеку на радзіме, ня варта вяртацца ў Беларусь для падаўжэньня дакумэнтаў».

«Замест гэтага Швэцыя гатовая выдаваць так званыя пашпарты іншаземцаў тым, хто мае права на пражываньне ў краіне. Хаця прававая пазыцыя пачала дзейнічаць яшчэ вясной гэтага года, пра рэальныя выпадкі выдачы пашпартоў іншаземцаў нічога не было вядома. І вось учора (12 лістапада. — „Позірк“.) стала вядома, што аднаму з грамадзян Беларусі ў Швэцыі быў выданы пашпарт іншаземца».

1 верасьня мінулага года паведамлялася, што народная амбасада Беларусі ў Швэцыі падрыхтавала збор найбольш тыповых аргумэнтаў, якія выкарыстоўваюцца «для адмовы беларусам ⟨...⟩ у прытулку».

  • 28 жніўня 2024 года швэдзкае Sveriges Radio паведаміла, што грамадзянін Беларусі, якому міграцыйная служба Швэцыі адмовіла ў наданьні прытулку, быў затрыманы паводле палітычных матываў пасьля вяртаньня на радзіму.
  • Адзначалася, што ён прыбыў у краіну з маці два гады таму. Прытулку прасілі, паколькі «абодва ўдзельнічалі ў шырокамаштабных акцыях пратэсту пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 года».
  • Паводле інфармацыі СМІ, у заявах на атрыманьне міграцыйнага статусу гаварылася, што ў Беларусі супраць маці і сына распачатая крымінальная справа і «яны баяцца, што іх пасадзяць у турму». Іх просьбы былі адхіленыя.
  • Гэта адбылося яшчэ ў 2023 годзе, а ў жніўні 2024 года, як сьцьвярджалася, мужчыну і яго маці дэпартавалі з Швэцыі ў Беларусь праз тэрыторыю Літвы. Адзначалася, што беларуса «арыштавалі проста на мяжы». Пра лёс жанчыны не паведамлялася.
  • Пазьней у той жа дзень стала вядома, што восеньню швэдзкае міграцыйнае агенцтва нібыта мае намер перагледзець справы аб наданьні прытулку грамадзянам Беларусі. Адзначалася, што ведамства атрымала крытыку за выкарыстаньне састарэлай інфармацыі, якая не адлюстроўвае шырокамаштабных рэпрэсій у краіне, праз што грамадзянам адмаўлялі ў прытулку.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG