Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыянт прастрэліў ногі п’янаму мужчыну пры затрыманьні ў Берасьці — другі выпадак за тры дні


Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

Міліцыя са стралянінай затрымала 47-гадовага пʼянага мужчыну ў Берасьці, вынікае з паведамленьня прэс-службы МУС.

Паводле інфармацыі ведамства, у міліцыю зьвярнуліся работнікі газавай службы, якія прыбылі да неплацельшчыка камунальных паслуг адключаць газ. Яны паведамілі, што мужчына пагражае ім гвалтам, паведамляе інфармацыйнае агенцтва Позірк.

МУС сьцьвярджае, што пры зьяўленьні міліцыянтаў «дэбашыр з відавочнымі прыкметамі апʼяненьня нечакана схапіў у рукі два нажы і накіраваўся ў іх бок».

Каб спыніць мужчыну, адзін з міліцыянтаў стрэліў яму ў ногі. Пасьля аказаньня першай дапамогі ён перададзены мэдыкам, гаворыцца ў рэлізе.

Распачата крымінальная справа па арт. 364 КК за «гвалт або пагрозу прымяненьня насільля ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў. Фігуранту пагражае да сямі гадоў пазбаўленьня волі».

МУС нагадвае, што супрацоўнік пры выкананьні службовых абавязкаў «заяўляецца прадстаўніком улады і знаходзіцца пад абаронай дзяржавы»: «Замах на яго ў любых формах цягне спыненьне такіх дзеяньняў, у тым ліку з прымяненьнем фізычнай сілы, спэцсродкаў і зброі».

23 ліпеня міліцыя са стралянінай затрымала 49-гадовага пʼянага мужчыну ў адной з вёсак Ганцавіцкага раёна (Берасьцейская вобласьць) — яму прастрэлілі нагу.

16 чэрвеня для затрыманьня нецьвярозага кіроўцы ў Гомельскай вобласьці супрацоўнікі Дзяржаўтаінспэкцыі стралялі па аўтамабілі, 11 лютага паведамлялася аб выкарыстаньні ДАІ табэльнай зброі для затрыманьня парушальніка ў Асіповіцкім раёне, 9 лютага — у Чэрыкаўскім раёне (абодва — Магілёўская вобласьць), 29 студзеня — у Мазырскім раёне.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG