Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аб затрыманьні грамадзяніна Беларусі Грузія апавясьціла беларускую дыпмісію насуперак яго жаданьню — праваабаронца Кісьляк


Раман Кісьляк у Тбілісі. Ілюстрацыйнае фота.
Раман Кісьляк у Тбілісі. Ілюстрацыйнае фота.

Дэпартамэнт міграцыі МУС Грузіі апавясьціў беларускую амбасаду ў Тбілісі аб затрыманьні грамадзяніна Беларусі, хоць ён прасіў гэтага не рабіць, паведаміў інфаромацыйнаму агенцтву «Позірк» праваабаронца Раман Кісьляк.

«У яго пыталіся, ці паведамляць пра затрыманьне амбасадзе. Ён адказаў адмоўна, аднак пасьля даведаўся ад сваякоў, што яго адмова была праігнараваная. У курсе і амбасада, і МУС Беларусі, куды тэлефанавалі сваякі даведацца, ці не ўводзілася яму забарона на выезд. Там параілі зьвяртацца ў амбасаду для вырашэньня пытаньня аб вяртаньні на радзіму», — сказаў праваабаронца.

Кісьляк, паводле яго слоў, увечары 25 ліпеня накіраваў заяву ў Генэральную пракуратуру Грузіі, у якой апісвае гэтую сытуацыю. Акрамя таго, ён зьвяртае ўвагу на тое, што ў затрыманьні беларуса браў удзел супрацоўнік дэпартамэнта, які перад гэтым «паглядзеў на яго і на ягоную заяву».

Як паведамляў «Позірк», 14 ліпеня беларус (імя рэдакцыі вядома, пакуль не публікуецца па меркаваньнях бясьпекі) прыйшоў у дэпартамэнт з заявай аб наданьні прытулку. Спачатку заяву прынялі, затым вярнулі, а самога падаўца затрымалі і зьмясьцілі ў ізалятар пры дэпартамэнце. З прычыны заканчэньня тэрміну дзеяньня беларускага пашпарта (яшчэ ў 2020 годзе) беларус не абнуляў кароткачасовымі выездамі (т. зв. візаран) дазволены тэрмін бесьперапыннага знаходжаньня ў Грузіі (365 дзён) і знаходзіўся ў краіне нелегальна. Мяняць пашпарт у беларускім дыппрадстаўніцтве (да ўказа Аляксандра Лукашэнкі ад 4 верасьня 2023 года гэта было магчыма) ён баяўся праз пагрозу перасьледу. Як заявіла ў інтэрв’ю «Медыязоне» дзяўчына арыштаванага, яго пачалі шукаць беларускія сілавікі «з-за рэпостаў з „экстрэмісцкіх“ рэсурсаў». У Грузіі грамадзянін Беларусі пражывае з 2016 года і да 2020-га, паводле слоў дзяўчыны, езьдзіў на радзіму.

15 ліпеня Тбіліскі гарадзкі суд пастанавіў арыштаваць затрыманага на тры месяцы. Паводле слоў Кісьляка, у суд не ўдалося перадаць дакумэнты для абароны беларуса, у тым ліку перакладзеныя на грузінскую мову даклад Камітэта ААН супраць катаваньняў і апошнюю справаздачу спэцыяльнага дакладчыка ААН па Беларусі Анаіс Марэн (у кастрычніку 2024 года яе зьмяніў Нілс Муйжніекс). З нагоды гэтага праваабаронца падаў заяву ў Генэральную пракуратуру«.

Аднак затым заяву аб наданьні прытулку ўдалося падаць і зарэгістраваць, адбылося першае з двух прадугледжаных інтэрв’ю. «Паводле мясцовых законаў спатрэбілася пацьвярджэньне судом яго арышту ў статусе просьбіта прытулку», — патлумачыў Кісьляк.

Паводле слоў праваабаронцы, 18 ліпеня арыштаваны быў дастаўлены ў суд, яго інтарэсы прадстаўлялі два нанятыя адвакаты. Суд прыняў рашэньне вызваліць беларуса, абавязаўшы адзначацца ў Дэпартамэнце міграцыі МУС два разы на тыдзень.

Грузінскія ўлады адхіляюць усе заявы беларусаў аб прадастаўленьні прытулку. Кіроўная партыя «Грузінская мара» прарасейскага алігарха Бідзіны (Барыса) Іванішвілі пайшла на канфрантацыю з Эўразьвязам і ЗША, прызнае рэжым Лукашэнкі. Абраны аднапартыйным (апазыцыя адмовілася ўвайсьці) парлямэнтам прэзыдэнт Міхаіл Кавелашвілі павіншаваў таго з «пераабраньнем». Мэтады барацьбы з апазыцыяй усё больш нагадваюць беларускія.

Сам Кісьляк 11 ліпеня атрымаў канчатковую адмову ў прытулку, прайшоўшы за некалькі гадоў усе мясцовыя інстанцыі. Цягам 30 дзён ён абавязаны пакінуць Грузію. «Але куды выяжджаць, калі пашпарт скончыўся? У гэтай сытуацыі ў мяне адна дарога — у Беларусь. Тут шмат пытаньняў», — заявіў «Позірку» праваабаронца.

Кісьляк мае намер абскардзіць рашэньне мясцовых уладаў у структурах ААН.

У Грузіі цяпер пражывае каля 12 тыс. беларусаў, якія эмігравалі з-за пагрозы рэпрэсій. Іх колькасьць паступова памяншаецца.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG