Прэм’ер-мінісатр Літвы Гінтаўтас Палуцкас на фоне скандалу заявіў аб сыходзе ў двухтыднёвы адпачынак: «Трэба паклапаціцца аб пчолах і мёдзе», — цытуе Палуцкаса Delfi.
Палуцкас сьцьвярджае, што гэта «даўно заплянаваны адпачынак», і ён плануе правесці яго з сям’ёй.
«Па-першае, калі казаць пра адпачынак, то ён ужо даўно заплянаваны. У мяне ёсьць хатнія справы, трэба паклапаціцца пра пчол і мёд. Гэта простыя патрэбы. Аднак двух тыдняў дастаткова, каб падумаць, сабраць неабходную інфармацыю і прадставіць яе членам партыі і грамадзкасьці. Таму, я лічу, гэта лягічна», — сказаў ён.
Прэм’ер-міністар паабяцаў пагаварыць з кіраўніцтвам кампаніі жонкі свайго брата, сабраць інфармацыю і данесьці яе да членаў партыі і грамадзкасьці.
Скандал вакол Палуцкаса зьвязаны з публікацыямі пра яго бізнэс і канфлікты інтарэсаў. У прыватнасьці, гаворка ідзе пра зьдзелку з кампаніяй жонкі яго брата — Dankora.
Кампанія Dankora была заснаваная ў верасьні 2024 году, а празь месяц падала заяўку на фінансавую падтрымку ЭЗ па праграме LEADER на праект «Разьвіцьцё інфраструктуры зарадкі электрамабіляў і суднаў у вёсцы Друкяй». У лістападзе таго ж году адзіны заснавальнік кампаніі Костас Мікалаюнас прадаў яе Віргініі Палукене, жонцы брата Гінтаўтаса Палуцкаса.
Празь некалькі месяцаў кампанія, у якой не было ні супрацоўнікаў, ні даходу, атрымала ад ЭЗ каля 173 тысяч эўра. Пасьля атрыманьня сродкаў Dankora абвясьціла аб куплі акумулятарных сыстэм у Garnis, кампаніі, суўладальнікам якой зьяўляецца прэм’ер-міністар Літвы (ён валодае 49% акцый). Апошняя была адзіным удзельнікам тэндэру на пастаўку акумулятараў і прапанавала цану ў 145 тысяч эўра.
Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа ўчора даў Палуцкасу два тыдні, каб вызначыцца са сваім палітычным лёсам.
«Я папрасіў прэм’ер-міністра альбо даць абгрунтаваны адказ на пытаньні грамадзкасьці на працягу наступных двух тыдняў, альбо прынцыпова разгледзець далейшыя варыянты выкананьня абавязкаў прэм’ер-міністра», — сказаў ён.
Форум