Гэта тычыцца затрыманых паводле ч.1 артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу («Групавыя дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак») у дачыненьні да Аляксандра Мядзьведзева, Дар’і Семашкевіч, Віктара Іваньковіча, Андрэя Андрашчука, Пятра Лунёва, Карыны Зяленскай і асуджанага Сяргея Шацілава, а таксама асуджанага паводле арт. 293 КК («Масавыя беспарадкі») Яўгена Невара.
У заяве праваабаронцы яшчэ раз пацьвярджаюць сваю пазыцыю, выкладзеную ў сумеснай заяве праваабарончай супольнасьці ад 10 жніўня 2020 году аб тым, што свабода мірных сходаў гарантаваная артыкулам 21 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, яна не падлягае ніякім абмежаваньням, акрамя тых, што ўстаноўленыя законам і неабходныя ў дэмакратычных краінах у мэтах нацыянальнай і грамадзкай бясьпекі, грамадзкага парадку, аховы здароўя і маральнасьці насельніцтва ці абароны правоў і свабодаў іншых асоб.
Праваабаронцы адзначаюць, што выступы грамадзян у 2020 годзе насілі стыхійны, самаарганізаваны характар і былі выкліканыя недаверам да вынікаў выбараў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, якія адбыліся 9 жніўня 2020 году і праходзілі са шматлікімі парушэньнямі і фальсыфікацыямі, не былі прызнаныя міжнароднай супольнасьцю як дэмакратычныя, справядлівыя і свабодныя.
Сходы грамадзян насілі мірны характар і не ўяўлялі пагрозы ні нацыянальнай, ні грамадзкай бясьпецы. Нягледзячы на гэта, дэманстранты былі атакаваныя спэцпадразьдзяленьнямі МУС зь непрапарцыйным прымяненьнем фізычнай сілы, спэцсродкаў і зброі.
Упершыню ў гісторыі Беларусі ў дачыненьні да мірных дэманстрантаў былі ўжытыя гумавыя кулі і вадамёты. Асабліва вялікая колькасьць пашкоджаньняў была атрыманая ад выкарыстаньня шумавых гранат.
- Паводле стану на 25 ліпеня 2025 году 1164 чалавекі ў Беларусі прызнаныя палітвязьнямі і несправядліва знаходзяцца ў турме. Рэальная колькасьць гэтых людзей можа быць значна большаю.
Форум